БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІСАРЫЯ́Т,
Белнацком, Белнаком, аддзел Нар. камісарыята па справах нацыянальнасцяў РСФСР. Існаваў з лют. 1918 да сак. 1919. Распачаў дзейнасць у Петраградзе паводле дэкрэта СНК РСФСР ад 13.2.1918. З сак. 1918 знаходзіўся ў Маскве. Меў аддзяленні ў Петраградзе, Смаленску, Віцебску, Саратаве. Складаўся з агітацыйна-паліт., культ.-асв., бежанскага, выдавецкага аддзелаў. Працаваў сумесна з беларускімі секцыямі РКП(б). Камісар А.Р.Чарвякоў (да мая 1918). Вёў паліт. і культ.-асв. работу сярод беларусаў на тэр. Сав. Расіі, браў на ўлік бел. арг-цыі і ўстановы, эвакуіраваныя ў час 1-й сусв. вайны, адкрываў бел. школы, клубы, выдаваў л-ру на бел. і рус. мовах. Заснаваў у Маскве Беларускі народны універсітэт, удзельнічаў у стварэнні Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве і Беларускага вольна-эканамічнага таварыства ў Петраградзе. Друкаваны орган — газ. «Дзянніца». Прымаў удзел у падрыхтоўцы абвяшчэння БССР, у стварэнні Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі.
Літ.:
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;
Калубовіч А. «Айцы» БССР і іхны лёс // Калубовіч А. Крокі гісторыі. Беласток;
Вільня. Мн., 1993;
Скалабан В.В. Издательская деятельность Белорусского национального комиссариата (1918—1920 гг.) // История книги, книжного дела и библиографии в Белоруссии: (Сб. науч. тр.). Мн., 1986.
В.У.Скалабан.
т. 2, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)